Мінадукацыі супраць грамадскага аб'яднання "Добрая воля"

У Вярхоўным судзе разгледжана справа аб прыпыненні дзейнасці грамадскага аб’яднання “Добрая воля”. Першапачатковыя абвінавачванні па скарзе Міністэрства адукацыі ў тым, што арганізацыя займаецца дзейнасцю па-за статутам і незаконна выкарыстоўвае сімволіку, у часе суда былі зняты. Але па словах старшыні ГА “Добрая воля”, Леаніда Скарабагатага, на працэсе было прад’яўлена новае абвінавачванне:

- Дзве першыя разваліліся. Прад'явілі трэцяе, пра гэта мы толькі сёння даведаліся, прызнаць дагавор арэнды юрыдычнага адраса несапраўдным. Наша версія, што гэта адбылося па ініцыятыве Міністэрства адукацыі. Мы выявілі цэлае “мора”, сапраўднае “балота” бюракратычных парушэнняў у рабоце апарата Міністэрства адукацыі. Яны пакрыўдзіліся і падалі скаргу на нас.

Судзебнае паседжанне будзе працягнута 16-га лістапада. Грамадскае аб’яднанне “Добрая воля” існуе з 1998 года і займаецца абаронай правоў дзяцей, у прыватнасці дзяцей-сірот. Парушэнні ў працы апарата Міністэрствы адукацыі былі выяўлены у 2011-2012 гадах групай шматдзетных і прыёмных бацькоў, чальцоў ГА “Добрая воля”. Кіраўніцтва Міністэрства адукацыі было праінфармавана пра выяўленыя парушэні.

Беларускае Радыё Рацыя, Мінск