Адкрыццё першай у Беларусі дабрачыннай крамы

Эмілія Вольная

5 красавіка, пятнічным вясновым вечарам,  адбылося адкрыццё першай у Беларусі дабрачыннай крамы “Каліласка”, створанай для дапамогі малазабяспечаным сем’ям, інвалідам, бяздомным, прытулкам для жывёлаў, - адным словам, тым, хто мае найбольшую патрэбу.

Адкрыццё прайшло ў адкрытай прасторы МЕ 100, дзе арганізатары праэкта падзяліліся з першымі наведвальнікамі  крамы яе працоўнай сістэмай, заснаванай хоць і на прынцыпах бізнэса, але з мэтай збору сродкаў на дабрачыннасць. Кожны неабыякавы чалавек, якому ёсць што аддаць, можа ахвяраваць адзенне, абутак, кнігі, аксэсуары, прадметы інтэр’ера і іншыя патрэбныя другім рэчы праэкту “Каліласка”. Большая частка сабранага пойдзе адразу ў дабрачынныя арганізацыі, астатняе жадаючыя могуць набыць у самой краме. Грошы ад набытых  рэчаў ідуць на аплату  памяшкання і іншыя неабходныя для ўтрымання крамы выдаткі, а таксама на арганізацыю і правядзенне розных мерапрыемстваў. Такім чынам, набываючы нешта ў краме, вы адначасова і ахвяруеце на сацыяльныя патрэбы грамадства.

Акрамя адкрыцця крамы, арганізатары плануюць шэраг мерапрыемстваў, такіх як харчаванне бяздомных гарачай ежай, акцыі і семінары па тэме ўзаемадапамогі, экалагічнай сітуацыі. Праэкт шукае спонсараў, разглядае цікавыя прапановы па вырашэнню сацыяльных праблем, запрашае да ўдзелу тых, каму не ўсё роўна.

Аня Леванкова , адна з арганізатараў, якая займаецца размеркаваннем рэчаў, падкрэсліла, што “Каліласка” – гэта не толькі каманда праэкта, а ўсе мы, неабыякавыя да іншых людзі, усе, хто хоць нейкім чынам дапамагаў у стварэнні крамы, кожны, хто нешта ахвяраваў для агульнай справы.

Адкрыццё крамы прайшло вельмі жыва. У невялікім памяшканні сабралося шмат людзей, каб паглядзець на новы для Беларусі фармат дабрачыннасці, каб набыць сабе што-небудзь цікавае і адначасова зрабіць добрую справу, каб ахвяраваць рэчы, і каб паслухаць цудоўную музыку гуртоў “Партманэ” і “Мамкіны бусы”, якія выступалі ў падтрымку праэкта.

Кожны чалавек можа зрабіць навакольны свет хоць крышачку лепшым. Так што, калі ў Вас ёсць добрай якасці рэчы, якімі Вы ўжо не карыстаецеся, але якія могуць спатрэбіцца іншым, у Вас са здавальненнем іх прымуць на адкрытай прасторы МЕ 100 па адрасе пр. Незалежнасці, 58 к.6