Добрая Воля працягвае бараніць свае правы

"Добрая Воля" працягвае пісьмовыя перамовы з Міністэрствам юстыцыі. Міжнароднае Грамадскае Аб'яднанне спрабуе абараніць свае правы на дзейнасць. Напярэдадні адбыўся агульны сход «Добрай волі». Па словах яго старшыні Леаніда Скарабагатага, нягледзячы на абсурднасць прад'яўленых абвінавачванняў, грамадскае аб'яднанне задаволіць прэтэнзіі Мінюста.

 - У Бібліі напісана: не давайце поваду таму, хто яго шукае. Таму мы прагаласавалі за тое, каб іх прэтэнзіі задаволіць, але ў той жа час не прызнаваць іх законнымі і рабіць тое, што рабілі ўвесь час. Маральна мы гатовыя да таго, што рашэнне будзе незаконнае, тут нічога дзіўнага з гэтага не будзе. Але мы гатовыя і маем запасныя варыянты. Мы пададзім увесь камплект дакументаў, які яны ад нас патрабавалі для Міністэрства юстыцыі, і ужо тады будзем глядзець і прымаць рашэнне.

У 2011-2012 гадах ўдзельнікамі аб'яднання былі выяўлены злоўжыванні і правапарушэнні, дапушчаныя ў дачыненні да прыёмных сем'яў і дзяцей-сірот службовымі асобамі Міністэрства адукацыі. "Пра парушэнні было праінфармавана кіраўніцтва міністэрства. Аднак ніякіх мер прынята не было. Замест гэтага Міністэрства адукацыі накіравала скаргу ў Мінюст і была ўзбуджана судовая справа па прыпыненні дзейнасці "Добрай Волі", - сказаў Леанід Скарабагаты. Раней у Вярхоўным судзе была разгледжана справа па прыпыненні дзейнасці грамадскага аб’яднання “Добрая воля”. Першапачатковыя абвінавачванні па скарзе Міністэрства адукацыі ў тым, што арганізацыя займаецца дзейнасцю па-за статутам у часе суда былі зняты.

Вадзім Батура, Беларускае Радыё Рацыя

Фота mihck.info